Значэнне дыдактычных гульняў на беларускай мове

Родная мова адыгрывае ўнікальную ролю ў станаўленні асобы чалавека. Дашкольны ўзрост – гэта перыяд актыўнага засваення гутарковага маўлення, станаўлення і развіцця ўсіх бакоў мовы: фанетычнага, лексічнага, граматычнага. Выкарыстанне дыдактычных гульняў пры навучанні маўленню ў дашкольным узросце з’яўляецца актуальным у сувязі з тым, што гульня выступае простым і зразумелым для дзіцяці сродкам спасціжэння рэчаіснасці, натуральным і даступным шляхам авалодвання тымі ці іншымі ведамі, уменнямі, навыкамі. Таму, асаблівую ўвагу ў рабоце з дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту, неабходна надаваць развіццю іх беларускага маўлення, уменню выражаць свае думкі, пачуцці, эмоцыі на мове свайго народа.

Дыдактычная гульня ўяўляе сабою шматпланавую, складаную педагагічную з’яву: яна выступае як гульнявы метад навучання дзяцей дашкольнага ўзросту і формай навучання, і самастойнай гульнявой дзейнасцю, і сродкам усебаковага выхавання асобы дзіцяці. Менавіта ў дыдактычнай гульні дзіця атрымлівае магчымасць удасканальваць, узбагачаць, замацоўваць і актывізаваць сваю лексіку.

Дыдактычная гульня мае сваю устойлівую структуру: дыдактычную задачу, змест, правілы і гульневыя дзеянні.

Асноўным элементам гульні з’яўляецца дыдактычеая задача. Усе астатнія элементы падпараткаваны гэтай задачы і забяспечваюць яе выкананне. Дыдактычныя задачы могуць быць самыя разнастайныя: азнамленне з наваколлем, развіцце маўлення і мыслення, замацавнне матэматычных уяўленняў, выхаванне увагі, хуткасці мыслення, кемлівасці і г.д. Зместам дыдактычнай гульні з’яўляецца навакольная рэчаіснасць (прырода, людзі, іх узаемаадносіны, падзеі грамадскага жыцця, мова, музыка, жывапіс і інш.).

У рабоце з дзецьмі 6-гадовага ўзросту выкарыстоўваюцца розныя віды дыдактычных гульняў: гульні з дыдактычнымі цацкамі і прыродным матэрыялам, настольныя (друкаваныя) і слоўныя гульні.

У гульнях з цацкамі, прыродным матэрыялам дзеці непасрэдна ўспрымаюць прадметы. Гэтыя гульні пабудаваны з улікам прынцыпу нагляднасці і ў адпаведнасці з імкненем гуляць канкрэтнымі прадметамі. У час гульні яе ўдзельнікі пазнаюць разнастайныя ўласцівасці прадметаў, параўноўваюць, супастаўляюць іх.

Да настольных адносяцца гульні, у якіх выкарыстоўваюцца карткі з сюжэтамі і прадметнымі малюнкамі, лічбамі, геметрычнымі фігурамі і да т.п. Гэта часцей за ўсё гульні тыпу “лато”.

Слоўныя гульні не патрабуюць нагляднага матэрыялу. Яны пабудаваны на дзеяннях і словах і праводзяцца пасля таго, як у дзяцей сфарміраваны пэўныя веды аб рэальных прадметах або з’явах. Гэта такія гульні, як “Зычны- галосны”, “Скажы наадварот”, “Чые галасы?”, а таксама гульні-загадкі.

Дыдактычная гульня шырока выкарыстоўваецца пры навучанні дзяцей матэматыцы, роднай мове, знаёмству з прыродай і навакольным светам, у развіцці сэнсорнай культуры, з іх дапамогаю можна вырашаць адначасова некалькі важных задач у навучанні, развіцці і выхаванні дашкольнікаў.

З дапамогаю гульняў-заняткаў выхавальнік не толькі передае пэўныя веды, фарміруе ўяўленні, але і вучыць дзяцей гуляць. Асновай для гульняў зяўляюцца сфармуляваныя ўяўленні пра пабудову сюжэта гульні, пра разнастайныя гульневыя дзеянні з прадметамі. Важна, каб былі створаны ўмовы для пераносу гэтых ведаў і ўяўленняў у самастойныя творчыя гульні.

Наогул жа дыдактычны матэрыял павінен адпавядаць высокім гігіенічным і эстэтычным патрабаванням: цацкі павінны быць яркімі, цікавымі, мець высокі ўзровень мастацкага афармлення. Такі дыдактычны матэрыял прыцягвае ўвагу дзяцей, выклікае жаданне гуляць.

Метадычныя рэкамендацыі па выкарыстанні дыдактычнай гульні як сродку развіцця маўлення дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту:

1. Дыдактычныя гульні неабходна падбіраць улічваючы псіхолага-педагагіныя асаблівасці развіцця і ўспрымання дзяцей групы.

2. Работа над маўленнем павінна адпавядаць зместу і тэме заняткаў.

3. Дыдактычныя гульні трэба выкарыстоўваць у меру, нельга імі злоўжываць: выкарыстоўваць не больш як 2-3 віды на занятку.

4. Неабходна выбіраць толькі такія дыдактычныя гульні, якія не толькі зацікавяць дзіця, але і будуць выклікаць інтарэс да навучання.

5. Дыдактычныя гульні і заданні павінны насіць развівальны характар.

6. Дыдактычная гульня як сродак развіцця маўлення павінна праводзіцца сістэматычна, а не час ад часу.

7. Выкарыстанне дыдактычных гульняў як сродку развіцця маўлення дзяцей павінна праводзіцца мэтанакіравана.